«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,
манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл. Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс. чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс. мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.Л.Сабалеўскі, І.Я.Гурлянд і інш. Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.Р.Бывалькевіч, Л.М.Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел. нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.
Літ.:
Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;
Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.
Э.А.Ліпецкі.
т. 14, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)